Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доля беларускіх калійных угнаеньняў на ўсясьветным рынку з 2021 году скарацілася да 6 адсоткаў


Чыгуначныя перавозкі беларускага калію. Ілюстрацыйнае фота
Чыгуначныя перавозкі беларускага калію. Ілюстрацыйнае фота

Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (FAO) у чэрвеньскай справаздачы «Пэрспэктывы харчаваньня» прааналізавала падзеі, якія ўплываюць на ўсясьветныя рынкі харчовай прадукцыі.

Як вынікае з апублікаванага дакумэнту, асобныя разьдзелы прысьвечаныя аналізу рынку ўгнаеньняў пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны і яго аднаўленьню.

Згодна з інфармацыяй FAO, доля беларускага калію ва ўсясьветным гандлі ўгнаеньнямі скарацілася з 9% у 2021-м да 6% у 2024 годзе.

Пры гэтым доля аналягічных расейскіх угнаеньняў павялічылася з 18% у 2021-м да 25% — у 2024 годзе дзякуючы скасаваньню пэўных абмежаваньняў на пастаўкі ўгнаеньняў з Расеі.

У арганізацыі адзначылі, што дэфіцыту ўгнаеньняў удалося ўнікнуць, аднак экспартэры выказвалі заклапочанасьць праз павелічэньне страхавых унёскаў на камэрцыйнае суднаходзтва і цяжкасьці зь фінансавымі апэрацыямі.

«Збоі прымусілі многія краіны шукаць альтэрнатыўных пастаўнікоў і маршруты, што выклікала прыкметныя зьмены ў гандлёвых патоках», — адзначаецца ў чэрвеньскай справаздачы. Наступны дакумэнт будзе апублікаваны ў лістападзе.

Пакуль FAO мае «адносна аптымістычны прагноз для рынкаў харчовай прадукцыі» і прагназуе рост вытворчасьці і гандлю для ўсёй сельскагаспадарчай прадукцыі, акрамя цукру. Спэцыялісты таксама чакаюць росту цаны на калійныя ўгнаеньні і адзначаюць, што цэны заставаліся стабільнымі дзякуючы паляпшэньню паставак зь Беларусі і Лаосу.

У Беларусі статыстыку экспарту калію закрылі летась пасьля таго, як галіна падпала пад заходнія санкцыі. Эўразьвяз увёў забарону на пастаўкі і транзыт часткі прадукцыі «Беларуськалію», ЗША ўвялі санкцыі супраць самой кампаніі і «Беларускай калійнай кампаніі» — афіцыйнага экспартэра прадукцыі. Да абмежавальных захадаў далучыліся Канада, Вялікая Брытанія.

  • Эўразьвяз і ЗША ў 2021 годзе ўвялі забарону на экспарт беларускіх калійных угнаеньняў, а Літва скасавала кантракт на іх перавозку на сваёй тэрыторыі з 1 лютага 2022 году.
  • У чэрвені 2022 году Эўразьвяз увёў санкцыі супраць «Беларуськалію» і Беларускай калійнай кампаніі.
  • Раней «Беларуськалій» спрабаваў судзіцца зь Літвой за адмову транспартаваць калійныя ўгнаеньні і выстаўляў рахунак на мільярд эўра, але суд Літвы адхіліў скаргу беларускага прадпрыемства.
  • Аспрэчыць санкцыі ЭЗ у судзе спрабавалі «Гродна Азот», «Беларускі мэталюргічны завод», ААТ «Мастоўдрэў», «Хімвалакно», МАЗ, БЕЛАЗ, «Дана Астра», Тэрмінал сыпкіх грузаў у Клайпедзе (часткова належыць «Беларуськалію») і інш. Усе гэтыя выпадкі скончыліся безвынікова, санкцыі засталіся ў сіле.
  • 18 верасьня 2024 году стала вядома, што суд Эўразьвязу адмовіў у задавальненьні пазоваў «Беларуськалію», ягонага генэральнага дырэктара Івана Галаватага і Беларускай калійнай кампаніі да Рады ЭЗ аб скасаваньні санкцыяў. Юрысты, якія прадстаўляюць беларускага вытворцу ўгнаеньняў, настойвалі на тым, што санкцыі парушаюць прынцып законнасьці. Акрамя таго, у якасьці аргумэнтаў яны ўказвалі на памылку ў ацэнках, парушэньне прынцыпаў недыскрымінацыі, прапарцыйнасьці абмежавальных мераў і інш.
  • 12 чэрвеня 2025 году стала вядома аб увядзеньні новых мытаў на ўгнаеньні з Расеі і Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG