Эколягі «Зялёнай сеткі» назвалі пераможцаў 5 чэрвеня, ў Сусьветны дзень аховы навакольнага асяродзьдзя. 16 чэрвеня ў Вільні прайшло офлайн мерапрыемства, дзе пераможцам уручылі адпаведныя ўзнагароды.
Экалягічны цыкль публікацый «Сьляды» выходзіў на сайце Свабоды вясной 2025 году. Акрамя публікацыі-пераможцы, прысьвечанай стану аховы беларускіх лясоў пасьля падзей 2020 году, у яго ўвайшлі таксама публікацыя пра беларускія балоты, а таксама тэкст пра ўплыў Беларускай АЭС на экалёгію ва ўмовах адсутнасьці грамадзкага кантролю.
Пабачыць публікацыі можна па гэтых спасылках:
Дыктатура супраць лясоў. Як палітыка ўладаў шкодзіць прыродзе
Дыктатура супраць балотаў. Як улады Беларусі шкодзяць лёгкім Эўропы
Дыктатура і БелАЭС. Як улады Беларусі шкодзяць людзям і прыродзе праз атамную станцыю
«Ва ўмовах, калі чалавецтва сутыкнулася з кліматычным крізысам, а ў глябальнай павестцы ізноў гучыць пагроза ядзернай вайны, асабліва важна падтрымліваць тых, хто кажа пра каштоўнасьці міру, прыроды, жыцьця, — адзначыла прадстаўніца „Зялёнай сеткі“ Ірына Сухій. — Адзначаючы найлепшых, мы абвяшчаем, што праўда, адказнасьць і клопат пра плянэту застаюцца нашымі каштоўнасьцямі ды прыярытэтамі».
У складзе журы конкурсу Green Awards Belarus працавалі Надзея Белахвосьцік, Барыс Гарэцкі, Ірына Сухій, Эдуард Мельнікаў ды Яніна Мельнікава. На конкурс сёлета падалі 47 работаў, якія ацэньвалі па 10-бальнай шкале паводле 7 крытэраў. Журы вызначыла перможцаў у чатырох намінацыях: аналітычныя матэрыялы СМІ, відэа, падкасты і кантэнт сацыяльных сетак. Пабачыць поўны сьпіс пераможцаў можна тут.
Форум