Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сейм Літвы папярэдне ўхваліў магчымасьць увядзеньня нацыянальных санкцый на выпадак блякаваньня эўрапейскіх


Сейм Літвы. Архіўнае фота
Сейм Літвы. Архіўнае фота

Вільня хоча пакінуць за сабой магчымасьць прымаць самастойныя рашэньні аб санкцыях у выпадку, калі іх працяг улетку 2025 году заблякуе Вугоршчына.

Сейм Літвы папярэдне ўхваліў праект закону аб увядзеньні абмежавальных мер у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны і пастанавіў тэрмінова яго разгледзець на пасяджэньні 19 чэрвеня.

Як адзначаецца на афіцыйным сайце парлямэнту, адпаведны праект закону падтрымалі 123 дэпутаты, два прагаласавалі супраць і адзін утрымаўся.

Законапраект прадугледжвае магчымасьць увядзеньня нацыянальных эканамічных санкцый супраць Расеі і Беларусі ў выпадку спыненьня або частковага (ці поўнага) скасаваньня санкцый, уведзеных на ўзроўні Эўрапейскага Зьвязу.

Прадугледжваецца, што ўрад Літвы зможа ўводзіць два тыпы санкцый: замарожваньне актываў і сэктаральныя абмежаваньні. У прыватнасьці, мова ідзе аб абмежаваньнях экспарту тавараў, тэхналёгій, паслуг і праграмнага забесьпячэньня, якія могуць быць выкарыстаны для ўдасканаленьня вайсковых і тэхналягічных магчымасьцей Расеі або Беларусі, разьвіцьця абароннага сэктару і бясьпекі, а таксама павелічэньня прамысловага патэнцыялу Расеі або Беларусі.

«Мы тут ня першыя. Нашыя суседзі, дзяржавы рэгіёну, маюць значна большы досьвед нацыянальных санкцый. Мы, у пэўнай ступені, сочым за гэтым працэсам. Дзяржавы, што не ўваходзяць у Эўрапейскі зьвяз, усе яны маюць мэханізмы санкцый. [...] Адной з прычын, чаму ў нас не было распрацаванага мэханізму нацыянальных санкцый, было тое, што мы больш, чым іншыя дзяржавы, абапіраліся на агульную зьнешнюю і бясьпекавую палітыку ў Эўразьвязе», — сказаў міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс, прадстаўляючы праект закону ў парлямэнце.

Паводле яго, адпаведныя ўрадавыя ўстановы будуць вызначаць канкрэтных фізычных і юрыдычных асобаў, супраць якіх будуць уводзіцца абмежаваньні. Меры па замарожваньні актываў і эканамічных рэсурсаў ня будуць прымяняцца датычна асобаў, супраць якіх ужо дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу.

Урад Літвы 4 чэрвеня падтрымаў праект закону аб нацыянальных санкцыях, прапанаваны Міністэрствам замежных спраў краіны.

Вільня хоча пакінуць за сабой магчымасьць прымаць самастойныя рашэньні аб санкцыях у выпадку калі іх працяг улетку 2025 году заблякуе Вугоршчына.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG