Дзяржаўная авіякампанія Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Flydubai скасавала рэйсы ў Менск і зь Менску, якія мусілі адбыцца 15 чэрвеня.
Як вынікае з сайту Нацыянальнага аэрапорту «Менск», скасаваны рэйс зь Менску ў Дубай — самалёт мусіў вылецець а 0:30, а таксама з гораду Дубай у беларускую сталіцу, які плянаваўся на 23:30.
Адпаведныя рэйсы кампаніі, заплянаваныя на 16 чэрвеня, пакуль ёсьць у раскладзе палётаў.
У той жа час цяпер самалёт Белавія выконвае рэйс у Дубай праз Ташкент — Boeing 737-800 вылецеў зь Менску а 5.25.
- У ноч на 13 чэрвеня сілы ВПС Ізраілю атакавалі мноства аб’ектаў на тэрыторыі Ірану — для нанясеньня крытычнай шкоды ядзернаму і ракетнаму патэнцыялу краіны. Былі атакаваныя ядзерныя аб’екты, ракетныя базы, авіябазы, сыстэмы супрацьпаветранай абароны, камандныя пункты, а таксама нанесены прыцэльныя ўдары па вайковым кіраўніцтве і асобах, якія маюць дачыненьне да разьвіцьця іранскай ядзернай праграмы.
- У адказ Іран запусьціў у бок Ізраілю бесьпілётныя лётныя апараты (паводле інфармацыі ізраільскіх СМІ, усе былі перахопленыя), а затым атакаваў балістычнымі ракетамі.
- У ноч на 14 і 15 чэрвеня абмен ударамі працягваўся.
- Паводле ўладаў Ірану, у першы дзень ізраільскай кампаніі там загінулі 78 чалавек, а ў другі — яшчэ больш, у тым ліку 60, калі ракета абваліла 14-павярховы жылы дом у Тэгеране, дзе 29 загінулых былі дзеці.
- Паводле ізраільскіх уладаў, у выніку ўдараў Ірану ў ноч на 15 чэрвеня загінулі сама меней 10 чалавек, у тым ліку трое дзяцей, і больш за 140 атрымалі раненьні ў выніку ўдараў ракет, што трапілі ў жылыя дамы на поўначы і ў цэнтры Ізраілю.
Форум