Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cьмерць маці, «трывожныя» ўколы і допыт у лесе. Гутарка з былым палітвязьнем Дзьмітрыем Сушчыкам


Дзьмітры Сушчык пасьля пераезду ў Варшаву
Дзьмітры Сушчык пасьля пераезду ў Варшаву

Жыхар Наваградку Дзьмітры Сушчык, які сядзеў «за палітыку», расказаў Свабодзе, як яму ў турме рабілі дзіўныя іньекцыі, як ён даведаўся пра сьмерць маці і як яго затрымалі на расейскай мяжы пасьля спробы зьбегчы.

Жыхар Наваградку Дзьмітры Сушчык адседзеў больш за два гады за «абразу Лукашэнкі» і «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў». За гэты час у яго памерла маці, ад яго сышла жонка, ён страціў добрую працу. Дзьмітры расказаў Свабодзе, як яго павезьлі на допыт у лес, як пры спробе выезду зь Беларусі яго затрымалі расейскія памежнікі і як у турме яму калолі ўколы, ад якіх станавілася вельмі страшна.

Дзьмітрыю 41 год. Ён расказвае, што да 2020 году працаваў будаўніком у сетцы дзяржаўных санаторыяў «Белаграздраўніца». Жыў у нумарах санаторыяў, карыстаўся іхнымі паслугамі са зьніжкай, атрымліваў добры заробак.

«Шыкоўная праца ў мяне была», — кажа суразмоўца.

Допыт у лесе

У 2020 годзе Дзьмітры далучыўся да пратэстаў, якія пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Успамінае, што тады «ўсе выйшлі, усе натоўпам». Зь ягоных успамінаў, нават цалкам сфатаграфаваць марш у Наваградку было складана, бо не было відаць хваста калёны. Дзьмітры, што галасаваў, «як і ўсе», за Сьвятлану Ціханоўскую, ішоў на выбары зь белай стужкай, складваў бюлетэнь гармонікам, а фота бюлетэню даслаў у плятформу «Голас».

Пазьней ён стаў выходзіць на пратэсты асобна ад калёны, каб не парушаць заканадаўства. Узгадвае, што хадзіў па вуліцах гораду у строі Санта-Клаўса і майцы з Пагоняй, паказваў знак «вікторыі», раздаваў бел-чырвона-белую пасьцілу. Некалькі разоў, пачынаючы з 2020 году, яго затрымлівалі, у тым ліку за супольную малітву каля касьцёла.

Дзьмітры Сушчык
Дзьмітры Сушчык

Як расказвае Дзьмітры, у канцы 2021 ці ў пачатку 2022 году (ён часта кажа, што ня памятае дэталяў, бо пасьля зьняволеньня ў яго пагоршылася памяць. — РС) яго прыехала затрымліваць група сілавікоў з поўным рыштункам, у шаломах. Ён убачыў іх загадзя і спрабаваў схавацца побач з домам. Аднак сілавікі «вылічылі» яго, як мяркуе сам Дзьмітры, з геалякацыі ў тэлефоне. Яго схапілі, прыціснулі да сьцяны і прыгразілі страляць па нагах, калі будзе супраціўляцца. Потым кудысьці павезьлі.

«Я бачу, што мы едзем у супрацьлеглы ад міліцыі бок. Кажу: „Куды мы едзем?“ — „Зараз даведаесься“. Вылазім за „мехустаноўкай“, гэта тартак, ён у лесе. Мяне вядуць у лес… Я кажу: „Навошта мы сюды прыехалі?“ — „Тут ты і застанесься“… Пару разоў мне далі ў галаву, у нос. Я разумеў, што калі буду супраціўляцца, то мяне могуць застрэліць і сказаць, што я спрабаваў бегчы», — расказвае Дзьмітры.

Тады, з словаў Дзьмітрыя, яму зламалі нос, і ён цяпер можа дыхаць толькі адной ноздрай. Пасьля гэтага яго працягвалі біць, кажа суразмоўца.

«Чатыры вялікія машыны. Іх (сілавікоў) было больш за восем дакладна. Білі мяне трое ці чацьвёра, іншыя гучна задавалі пытаньні або спрабавалі мяне запужаць», — кажа Сушчык.

Сілавікі, працягвае ён, сталі правяраць у лесе ягоны тэлефон. Там знайшлі допіс «Укантакце» за 2015 год з выявай Лукашэнкі і свастыкі на яго фоне, а таксама фота, дзе Дзьмітры стаіць побач з помнікам Сталіну з выцягнутай рукой. Паводле суразмоўцы, яго старонка ў сацыяльных сетках была закрытая, але сілавікі зрабілі яе агульнадасяжнай.

Урэшце яго прывезьлі дадому на ператрус. Дзьмітры кажа, што тады сілавікі ўдарылі ягоную маці ў жывот. Знайшлі ўлёткі з пратэставай тэматыкай. У выніку Дзьмітрыя Сушчыка асудзілі на 10 дзён арышту за «прапаганду нацызму» і «захоўваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў» (артыкулы 19.10 і 19.11 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях). Як ён мяркуе, яго арыштавалі, каб у ізалятары прайшлі сьляды пабіцьця.

Затрымалі на расейскай мяжы

Дзьмітры ўспамінае, што калі вызваліўся пасьля арышту, пайшоў у мясцовую лазьню. Там яго сустрэлі воплескамі. Хтосьці паказаў допіс пра яго ў канале, які зьвязваюць з сілавікамі. Там гаварылася, што на Сушчыка завялі крымінальную справу за «абразу Лукашэнкі» і «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў» (артыкулы 368 і 370 Крымінальнага кодэксу). Ён пра гэта яшчэ нічога ня ведаў.

Празь нейкі час мужчыну затрымалі на вуліцы, завезьлі ў Сьледчы камітэт, дзе яму паведамілі пра крымінальную справу і забаранілі выезд за мяжу.

Пасьля гэтага Дзьмітры, успамінае ён, паспрабаваў выехаць у Расею. На мяжы яго затрымалі расейскія памежнікі і пачалі правяраць. Ён не зразумеў, з чым было зьвязана затрыманьне. Пакуль знаходзіўся на памежным пункце, які, паводле суразмоўцы, выглядаў як вакзал, яму дазвалялі выходзіць пакурыць. У адзін з такіх выхадаў ён заўважыў дзіру ў агароджы і вырашыў бегчы. На чарговы перакур узяў свой заплечнік і пабег.

«Бягу. Там сетка. Хвілін 20 у адзін бок прабег. Там зноў дзірка, думаю, усё для мяне, усё добра. Бягу. Там нейкі дом. Чалавек жыве барадаты, капаецца ў агародзе, глядзіць на мяне. Там рэчка і мост канатны хістаецца. Я па гэтым мосьце пераходжу. Там зноў гэтая сетка. Я пабег у адзін бок. Хвілін сорак бягу — няма (дзіркі). Вешаюся на гэтую сетку, думаю, што дастаць з заплечніка, каб закінуць на калючы дрот. І тут мне ззаду кажуць: „Стой, страляць буду“», — расказвае суразмоўца.

Дзьмітры Сушчык
Дзьмітры Сушчык

Дзьмітрыя чарговы раз затрымалі. Пасьля гэтага, зь ягоных словаў, ён зьнепрытомнеў. Не выключае, што тады атрымаў удар па галаве. Зараз у Дзьмітрыя на галаве шнар.

Паводле ўспамінаў Дзьмітрыя Сушчыка, ён правёў у расейскіх месцах зьняволеньня ў пачатку 2022 году каля месяца. Расейцы абяцалі вывезьці яго ў Беларусь і адпусьціць. Але ўрэшце яго перадалі беларускім сілавікам. Гэта адбылося прыкладна за тыдзень да поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Паводле Дзьмітрыя Сушчыка, па дарозе ў Беларусь ён бачыў прыхаваную вайсковую тэхніку на беларускай тэрыторыі каля ўкраінскай мяжы.

Невядомыя ўколы ў турме

У Беларусі Сушчыка спачатку зьмясьцілі ў гомельскі СІЗА. Праз два тыдні яго асудзілі ў наваградзкім судзе на 1,5 году калёніі за «абразу Лукашэнкі» і «зьдзек зь дзяржаўнай сымболікі». Перавялі ў калёнію № 8 у Воршы. Але празь некалькі месяцаў прызначылі турэмны рэжым і перавезьлі ў Горадню.

Перад канцом першага тэрміну з ініцыятывы кіраўніцтва горадзенскай турмы яму дадалі яшчэ 1 год і 15 дзён калёніі нібыта за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Гэты год жыхар Наваградку адбываў зноў у Воршы. Агулам за кратамі ён правёў больш за 2,5 году. На пытаньне, ці недзе сядзелася лягчэй, адказвае, што паўсюль было цяжка.

«Дома мне было лепш. У турме вельмі кепска. Я ж там не выходзіў у лягер (атрад калёніі. — РС), сядзеў на „кічы“ (у штрафным ізалятары. — РС), у „буры“ (у 1920–1960-х барак камэрнага тыпу, цяпер памяшканьне камэрнага тыпу — ПКТ), „кіча“, „бур“, „бур“, „бур“», — адказвае Дзьмітры на пытаньне, дзе было горш, а дзе лягчэй. У ягонай гаворцы часта чуваць турэмны жаргон.

Дзьмітры кажа, што прыкладна дзьве траціны тэрміну правёў у штрафных ізалятарах і памяшканьнях камэрнага тыпу. Яго падоўгу пазбаўлялі лістоў і званкоў родным.

«Я не чакаў, пакуль яны знойдуць нагоду, каб мяне пасадзіць. Я лепш сам дам нагоду. Я парушаў рэжым утрыманьня спэцыяльна, бо разумеў, што ўсё роўна так будзе. Ляжаў, не ўставаў, не зашпільваўся, не дакладваў, не прыбіраў рукі за сьпіну», — кажа Дзьмітры.

Гарадзенская турма, архіўнае фота
Гарадзенская турма, архіўнае фота

Дзьмітры Сушчык дадае, што ў горадзенскай турме яму тройчы рабілі іньекцыі. Што яму ўводзілі, суразмоўца ня ведае.

«З галавой адбываецца бяда… Табе ўколюць — і падазронасьць да ўсяго, табе дзіка страшна, па-іншаму ідзе час. Адна ноздра толькі дыхае, не хапае паветра, ты задыхаесься, табе дзіка страшна, што вось-вось памрэш. Не падыходзіш ні да ўнітаза, ні да рэшкі (вакно з кратамі. — РС), ні да кармушкі (вакенца ў дзьвярах, празь якое выдаюць ежу. — РС). Яны кажуць: „Ідзі есьці“. Кажаш: „Забірай, я ня буду нічога есьці“», — расказвае Дзьмітры пра свой стан пасьля турэмных уколаў.

Колькі гэты стан працягваўся, суразмоўца ня ведае. Горадзенская турма месьціцца побач з касьцёлам, звон на якім б’е кожныя 15 хвілін.

«За гэтыя 15 хвілін дваццаць жыцьцяў маіх я пражываў ізноў», — кажа Дзьмітры.

Ён думае, што праз гэтыя ўколы ў яго пагоршылася памяць. Кажа, што ня мог успомніць словы «аловак» або «напой», імёны сваіх найлепшых сяброў, імя сваёй бабулі.

«Мне трэба было напісаць „12“. Я дакладна ведаю, як пішацца адзінка і двойка, але я ня мог зьвязаць гэта з дванаццацьцю», — успамінае былы палітвязень.

Ён мяркуе, што такія іньекцыі маглі ўводзіць «асабліва буйным». Дапускае, што і ён сам мог сябе так паводзіць, прыкладам, калі памерла ягоная маці, а ён сарваў камэру відэаназіраньня і кінуў ва ўнітаз, бо «хацелася трэшу».

Сьмерць маці

Пра дзень 30 красавіка 2023 году Дзьмітры расказвае падрабязна. Гэта была нядзеля. Ён адзначае, што амаль увесь час быў у штрафным ізалятары. Яго пераводзілі ў камэру толькі зрэдку, на некалькі дзён. У адзін з такіх кароткіх пэрыядаў Дзьмітрыя выклікалі з рэчамі на выхад. Ён разумеў, што павядуць у карцар, адбываць чарговыя накопленыя «содні».

Дзьмітры ўспамінае, што, выйшаўшы з камэры, у канцы калідора кінуў матрац і ўсе рэчы і адмовіўся ісьці далей. Стаў прасіць, каб яму дазволілі патэлефанаваць дадому, нягледзячы на выходны дзень. Перад гэтым Сушчык два месяцы правёў у карцары, без званкоў.

Супрацоўнік урэшце павёў палітвязьня тэлефанаваць дадому. Дзьмітры набраў нумар маці. На званок адказаў іншы крэўны.

«У мяне была „чуйка“, пачуцьцё трывогі. Я яму кажу: „Дзе мама?“ — „Да цябе псыхолягі прыходзілі?“ — Я кажу: „Навошта да мяне псыхолягі павінны прыйсьці?“ А ён: „Тое, пра што ты цяпер падумаў“. А я: „Пра што я цяпер падумаў? Гавары мне давай“. А ён: „Яе больш няма“. Я кажу: „Каго, сабакі майго больш няма? Гавары мне хутчэй!“ — „Мамы больш няма“. Я, карацей, кідаю трубку, яна проста павісла. Я нават не запытаўся нічога. Я пабег па прадоле, мяне скруцілі. А. (супрацоўнік) пабег за мной: „Не чапайце яго, не круціце яго“. У мяне сьлёзы цякуць», — увесь час, што Дзьмітры расказвае пра сьмерць маці, ён плача.

Дзьмітры Сушчык
Дзьмітры Сушчык

Ён заўважае, што супрацоўнік калёніі слухаў тэлефонную размову і зразумеў, што здарылася. Той прапанаваў Дзьмітрыю пакінуць яго яшчэ ў камэры на два дні. Аднак палітвязень адмовіўся, бо ў камэры быў чалавек, які моцна яго раздражняў, і ён перажываў, што ў такім стане можа «ўспыхнуць бяда».

«Ён завёў мяне ў карцар. Я не курыў. Але былі схаваныя цыгарэты на мне. мяне не абшуквалі. Там я пачаў курыць. Сказаў пацанам: „У мяне маці памерла. Усё, мяне няма“. І пачаў курыць. Курыў, плакаў, курыў», — расказвае Дзьмітры.

Ён адзначае, што даведаўся пра сьмерць маці на паўтара месяца пазьней, чым гэта здарылася. І пасьля гэтага ні хтосьці з адміністрацыі, ні псыхоляг не гаварылі са зьняволеным. На той момант ён знаходзіўся ў зьняволеньні ў Беларусі год і два месяцы. За гэты час Дзьмітры гаварыў па тэлефоне з маці толькі адзін раз.

«Яна расказвала, як шарлётку пячэ. Навучылася ў інтэрнэце. „Хутчэй выходзь шарлётку (есьці)“», — дзеліцца ўспамінам Дзьмітры.

У маці Дзьмітрыя Сушчыка не было цяжкіх захворваньняў. Сын ня думаў, што яна яго не дачакаецца.

«У першы дзень, калі я выйшаў, я паехаў да мамы, вядома», — кажа суразмоўца пра паездку на могілкі

Сыход жонкі

Дзьмітры Сушчык вызваліўся з калёніі 22 ліпеня 2024 году. Пакуль ён быў за кратамі, ад яго пайшла жонка. Дзьмітры расказвае, што яны афіцыйна разьвяліся больш за 15 гадоў таму, але працягвалі жыць супольна. У іх за гэты пэрыяд нарадзілася яшчэ адно дзіця.

«Жылі як сям’я, заўсёды разам», — кажа Дзьмітры.

Былая жонка яшчэ прыходзіла да яго на суд. Пасьля прысуду яна зьехала з іхнага сумеснага жытла. Пра гэта мужчына даведаўся ад сваёй маці.

«Чаму яна сышла? Ну бо не захацела чакаць. Нічога яна мне не тлумачыла… Бачыў я яе (калі выйшаў). Крыўды на яе не трымаў. Разумеў, што ў нас агульныя дзеці. Дзякуй за дзяцей. Бачыў яе, размаўляў зь ёю… Лістоў не было (падчас зьняволеньня. — РС), адзін ліст атрымаў — я ўсё разумеў. Асабліва я не перажываў… Яна мне паказала, хто яна такая. Навошта мне патрэбная такая жонка?», — кажа Дзьмітры.

Былы палітвязень расказвае, што ў Беларусі пасьля вызваленьня яму было вельмі цяжка ўладкавацца на працу. Пры гэтым праца — абавязковая ўмова пры ўведзеным наглядзе, каб чалавека не пасадзілі зноў.

Дзьмітры ўзгадвае, што, спрабуючы ўладкавацца на працу, не расказваў пра сваё зьняволеньне. Але калі працадаўцы «прабівалі» яго ў базах зьвестак, то адмаўляліся браць. Урэшце Дзьмітры уладкаваўся ў будаўніча-мантажнае ўпраўленьне з дамовай падраду на паўгоду. Але калі на завод прыйшоў мясцовы ідэоляг, то загадаў, каб Дзьмітрыя звольнілі. Сёлета ў пачатку чэрвеня Дзьмітры прыехаў жыць у Польшчу. Пакуль ён жыве ў прытулку. Плянуе пачынаць жыцьцё ў новым месцы, шукаць працу. Фонд BySol адкрыў збор на патрэбы Дзьмітрыя Сушчыка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG