Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі-ўцякачкі ўзялі ўдзел у стварэньні спэктаклю пра ПВК «Вагнэр». Яго паказалі ў Нямеччыне


У Нямецкай опэры ў Бэрліне паказалі опэру Wagner Weltweit, якую дапамагалі ствараць беларускі
У Нямецкай опэры ў Бэрліне паказалі опэру Wagner Weltweit, якую дапамагалі ствараць беларускі

У Нямецкай опэры ў Бэрліне паказалі опэру Wagner Weltweit, аўтары якой паспрабавалі прааналізаваць уплыў гераічнага патасу нямецкага кампазытара Рыхарда Вагнэра на прыватную вайсковую кампанію Яўгенія Прыгожына. Найміты называлі сябе музыкамі, зброя была іх інструмэнтамі, а вайна — іх опэрай.

Прэм’ера спэктаклю адбылася ў канцы красавіка ў Гамбургу. Сёмы яго паказ цяпер адбыўся на сцэне Нямецкай опэры ў Бэрліне.

Пастаноўку супольна стварылі Kampnagel, Deutsche Oper Berlin і HfBK Hamburg, Sounding Situations.

Рэжысэр і драматург Енс Дытрых расказаў, што пачаў займацца гэтай тэмай у 2023 годзе, калі даведаўся аб забойстве ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы расейскага дакумэнталіста Аляксандра Растаргуева і ягоных калег Архана Джэмаля і Кірыла Радчанкі, якія рабілі фільм аб ПВК «Вагнэр».

«З гэтага моманту тэма мяне не адпускала: чаму нямецкага кампазытара Вагнэра выкарыстоўваюць расейскія нэанацысты? Як вагнэраўцы апынуліся ў Цэнтральнай Афрыцы? І што ўсё гэта азначае для нямецкай культурнай сьвядомасьці?», — сказаў Енс Дытрых у інтэрвію выданьню Deutsche Welle.

Зьбіраць факты для будучага спэктаклю запрасілі журналістку зь Беларусі Любоў Касьпяровіч (яе затрымлівалі ў траўні 2020 году, калі разглядалі ў судзе «справу студэнтаў», тады яна працавала на партале Tut.by. — РС), а таксама журналістку з Расеі Машу Барзунову. Яны мусілі сабраць матэрыялы з інфармацыйнай прасторы і прааналізаваць, як ствараўся культ наймітаў у сацыяльных сетках, Telegram-каналах, прапагандысцкіх фільмах. Гэтыя матэрыялы сталі часткай сцэнаграфіі спэктаклю.

Апроч таго, у спэктакль залучана беларуская сьпявачка, якая выступае пад сцэнічным псэўданімам Katsia Kaya, — яна выконвае клясычныя арыі Вагнэра.

У «Wagner Weltweit» няма лінейнага сюжэту. Спэктакль пабудаваны як чаргаваньне эпізодаў: дакумэнтальных сьведчаньняў, мэдыйных цытатаў, сцэнаў з цыклю опэраў Вагнэра «Пярсьцёнак Нібэлюнга» і клясычных арыяў у выкананьні беларускай сьпявачкі.

Сцэна выглядае адначасова як міталягічны лес і тэлевізійная студыя. Актор Гаўкэ Гойман (Hauke Heumann) прамаўляе тэксты, складзеныя з выказваньняў крамлёўскіх прапагандыстаў, вайскоўцаў, публікацый Telegram-каналаў зь вядомымі расейскімі наратывамі («Захад хоча зьнішчыць нас», «гэта духоўная бітва»). Гучыць і вядомы маналёг Яўгенія Прыгожына: «Дзе боепрыпасы, с..і?».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG