Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль ударыў па вайсковым унівэрсытэце у Тэгеране і заводзе цэнтрыфуг. Іран выпусьціў на Ізраіль каля 25 ракет


Ізраільская сыстэма супрацьпаветранай абароны «Жалезны купал» перахоплівае іранскія ракеты над Тэль-Авівам раніцай у сераду, 18 чэрвеня 2025 году
Ізраільская сыстэма супрацьпаветранай абароны «Жалезны купал» перахоплівае іранскія ракеты над Тэль-Авівам раніцай у сераду, 18 чэрвеня 2025 году

Авіяцыя Ізраілю ўдарыла па вайсковым унівэрсытэце імя імама Хусэйна на ўсходняй ускраіне Тэгерану, паведамляюць іранскія СМІ. Гэта вышэйшая вайсковая навучальная ўстанова рыхтаваньня і павышэньня кваліфікацыі вайсковых і цывільных спэцыялістаў, як вынікае з адкрытых крыніц.

Аб новых ударах па цэлях у Іране ізраільская армія абвясьціла ў ноч на 18 чэрвеня. Раней ізраільскія вайскоўцы выдалі папярэджаньне аб неабходнасьці эвакуавацца жыхарам паўднёва-заходніх раёнаў Тэгерану.

The Times of Israel з спасылкай на Армію абароны Ізраілю перадае, што самалёты ВПС нанесьлі ўдары таксама па заводзе цэнтрыфуг у Тэгеране і па збройных заводах.

Паводле зьвестак ізраільскіх вайскоўцаў, аб’ект для вытворчасьці цэнтрыфуг у Тэгеране «Іран выкарыстоўваў у пашырэньні маштабаў і тэмпаў узбагачэньня ўрану для распрацоўкі ядзернай зброі».

У сваю чаргу Іран, паводле папярэдніх зьвестак ізраільскай арміі, у ноч на 18 чэрвеня выпусьціў па Ізраілі каля 25 ракет. «12 канал» перадае, што два падзеньні зафіксаваныя ў рэгіёне Шарон і ў раёне Ерусаліму. Іншых зьвестак пра падзеньні ракет пакуль няма. Мэдычная служба хуткай дапамогі не атрымлівала паведамленьняў аб пацярпелых.

Вярхоўны лідэр Ірану аятала Алі Хамэнэі выступіў з пагрозамі Ізраілю. Свой допіс на старонцы ў сетцы X ён напісаў на іўрыце.

«Неабходна дзейнічаць рашуча супраць тэрарыстычнай сіянісцкай арганізацыі. Мы ня будзем паблажліва ставіцца да сіяністаў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Раней Трамп апублікаваў у Truth Social сэрыю допісаў, у якіх назваў Хамэнэі «лёгкай мішэньню» і запатрабаваў ад Ірану «безумоўнай капітуляцыі».

Як паведамляе ABC News, удзельнікі нарады Трампа з дарадцамі ў нацыянальнай бясьпецы ў Белым доме далі зразумець, што наступныя 24–48 гадзін стануць вырашальнымі ў канфлікце Ірану і Ізраілю. Па заканчэньні гэтага тэрміну стане зразумела, ці мае ён дыпляматычнае разьвязаньне. У адваротным выпадку ЗША давядзецца зьвярнуцца да ваенных дзеяньняў супраць Ірану, піша выданьне.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG