Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 гадоў таму арыштавалі Віктара і Эдуарда Бабарыкаў. Інфармацыі пра іх вобмаль


Віктар і Эдуард Бабарыкі, каляж
Віктар і Эдуард Бабарыкі, каляж

Віктара Бабарыку, банкіра і грамадзкага дзеяча, прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзыдэнта падчас выбараў 2020 году, арыштавалі разам з сынам Эдуардам, кіраўніком ягонай ініцыятыўнай групы, 18 чэрвеня пяць гадоў таму.

Віктара Бабарыку абвінавацілі ў атрыманьні хабару і адмываньні грошай, пакараўшы чатырнаццацьцю гадамі строгага рэжыму. Эканамісту і кіраўніку краўдфандынгавых плятформаў Эдуарду Бабарыку паставілі ў віну ўхіленьне ад выплаты падаткаў і арганізацыю масавых беспарадкаў і прысудзілі 8 гадоў, пазьней дадалі яшчэ 2. Сьледзтва і суд у ягонай справе занялі амаль 3,5 году. Гэта рэкордны тэрмін для палітычных крымінальных справаў у Беларусі. У вырак палітвязьню не залічылі паўтара году ўтрыманьня ў СІЗА КДБ. 30 студзеня палітвязьню Эдуарду Бабарыку споўнілася 35 гадоў. Гэта быў ужо пяты дзень народзінаў палітвязьня ў зьняволеньні.

Віктара Бабарыку ў красавіку 2023 г. у стане сярэдняй цяжкасьці даставілі з калёніі ў аддзяленьне хірургіі наваполацкага шпіталю: знайшлі вадкасьць у лёгкіх, прычына траўмы ці хваробы грамадзкасьці невядомая.

Зь лютага 2023 году Віктара Бабарыку трымалі ў рэжыме інкамунікада. Праз два гады, 8 лютага 2025 году, у канале Рамана Пратасевіча зьявіліся фота і відэа зь Віктарам Бабарыкам, зробленыя ў наваполацкай калёніі. Гэтак перарвалася больш як двухгадовае маўчаньне пра былога кандыдата на прэзыдэнта.

Зьвестак пра тое, што адбываецца зь ягоным сынам Эдуардам, які таксама фактычна ў рэжыме інкамунікада, дагэтуль няма.

Адвакатка Натальля Мацкевіч, якая абараняла Віктара Бабарыку, расказала ў інтэрвію Свабодзе, як Віктар Бабарыка пераносіў турму, што ён апавядаў пра сустрэчу палітвязьняў з Лукашэнкам у СІЗА, як успрыняў учынак Марыі Калесьнікавай.

— Віктара Дзьмітрыевіча больш за ўсё хваляваў лёс Эдуарда. Бо гэта ўсё ж такі сын, гэта балючае месца, і ён у закладніках. Ён казаў, што, у прынцыпе, ён ужо пажыў і можа пакласьці сваю частку жыцьця на гэты алтар, каб паказаць, што Беларусь можа быць нармальнай краінай і што трэба рабіць гэтыя спробы. Бо калі ніхто ня будзе іх рабіць, тады мы ня можам казаць, што мы вартыя таго, каб жыць добра. Каб нешта было, трэба нешта зрабіць — і ён пагаджаўся з тым, што ягоны кавалак жыцьця менавіта гэтаму і належыць.

За Эдуарда ён вельмі турбаваўся. Казаў: «Ён жа [Эдуард] не абавязаны быў гэта рабіць. Гэта ж мая ідэя. Я, атрымліваецца, падставіў яго ці што?»

Але мы ведалі настрой Эдуарда. Мы казалі [Віктару Дзьмітрыевічу], што мы заўсёды перажываем за дзяцей, але дзеці нашмат мацнейшыя, чым мы думаем пра іх, і яны лягчэй пераносяць нейкія цяжкасьці. Вось такія былі размовы. Гэта было, каб яго падтрымаць, але я і насамрэч так думаю.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG