У Менску перапахавалі 75 чалавек, парэшткі якіх знайшлі ў раёне дачы кіраўніка НКУС БССР Цанавы

Дача Цанавы, архіўнае фота.

У лесе менскага мікрараёну Сьцяпянка будуецца жылы комплекс «Утульны». Летам 2024 году там у раёне вуліцы Парніковая былі знойдзены астанкі расстраляных людзей.

Парэшткі былі перапахаваныя як ахвяры «генацыду беларускага народу», паведаміла дзяржаўнае агенцтва «Менск-Навіны». У публікацыі прыводзяцца словы пракурора Менску Алега Лаўрухіна аб тым, што «не было ніякай інфармацыі пра трагічныя падзеі ў гэтай мясцовасьці». Цырымонія адбылася 17 чэрвеня 2025 году на Чыжоўскіх могілках у Менску.

Выданьне «Зеркало» зьвяртае ўвагу на тое, што жылы комплекс «Утульны» ўзводзіцца паблізу месца, дзе разьмяшчалася дача кіраўніка НКУС БССР Лаўрэнція Цанавы.

Улетку 2024 году пры будаўніцтве жылога комплексу «Утульны» паблізу вуліцы Парніковай будаўнікі выявілі касьцяныя чалавечыя парэшткі, пра што, паводле «Зеркала», паведамленьняў у прэсе знойдзена не было. Пракуратура даручыла правесьці палявыя пошукавыя працы ў рамках крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народу ў пэрыяд Вялікай Айчыннай вайны і пасьляваенны пэрыяд.

Гэтым з 15 ліпеня па 29 лістапада 2024-га займаўся спэцыяльны пошукавы батальён Міністэрств абароны. Былі знойдзеныя парэшткі 75 мужчын і жанчын ва ўзросьце ад 18 гадоў і старэйшых, а таксама гільзы і асабістыя рэчы забітых.

«Мы схіляемся да таго, што гэтыя людзі — зь ліку цывільнага насельніцтва, паколькі былі знойдзеныя гільзы ад стралковай зброі, якая знаходзілася ў той час на ўзбраеньні гітлераўскай арміі, а на чарапах меліся ўваходныя і выходныя адтуліны ад агнястрэльных кулявых раненьняў. Былі старанна вывучаныя архіўныя дакумэнты, але ні ў адным зь іх не знайшлося згадкі аб месцах пахаваньня паблізу цяперашняй вул. Парніковай. У паказаньнях больш за 19,7 тысячы сьведкаў, апытаных за чатыры гады ў рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народу, таксама не было ніякай інфармацыі аб трагічных падзеях у гэтай мясцовасьці», — распавёў на цырымоніі пракурор Менску Алег Лаўрухін.

У гэтай сувязі «Зеркало» нагадвае, што ў названым раёне знаходзілася пабудаваная ў 1930-я гады дача Лаўрэнція Цанавы, які ўзначальваў НКУС і органы дзяржаўнай бясьпекі БССР у 1938-1941 і 1943-1951 гадах. Там у 1948 годзе былі раздушаныя грузавіком знакаміты яўрэйскі актор і рэжысэр Саламон Міхоэлс і тэатральны крытык Уладзімір Голубаў.

Таксама, паводле «Зеркала», пра расстрэлы на тым месцы і пахаваньні маладых жанчын расказвалі мясцовыя жыхары. Пра магілы ахвяраў рэпрэсій (замаскіраваныя пад жывёламагільнік непадалёк ад чыгункі маскоўскага напрамку) у сьцяпянскім лесе расказвалі калябаранты, якія супрацоўнічалі зь нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, — Уладзімер Гуцька ды Іосіф Лешчанка. Першы казаў, што бачыў магілы ў 1932 годзе, другі апісваў убачаны расстрэл:

«Успомнілася, як мы — Сяргей Астрэйка, Гінтаўт, Русаковіч — бадзяліся ўначы па лесе каля саўгаса „Сляпянка“... і падгледзелі расстрэл. Як падаў на калені няшчасны чалавек і ўздымаў у неба рукі, як пасьля выстралу кульнуўся ў яму...»

Уладальнік дачы Цанава ўжо пасьля сьмерці Сталіна, 4 красавіка 1953 году, быў арыштаваны за арганізацыю забойства Міхоэлса. Памёр у Бутырскай турме 12 кастрычніка 1955-га.

Пасьля лецішча стала ведамасным дзіцячым садком МУС, будынак у такой якасьці праіснаваў да 1990-х гадоў, потым згарэў у 2005-м, а ў 2011-м быў зьнесены.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бальшавіцкі тэрор у школьных падручніках гісторыі Беларусі зноў стаў «белай плямай»


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цанава