Улады Беларусі за чатыры гады выдаткавалі больш за 2 мільёны эўра на распаўсюд сваёй прапаганды за мяжой

Тэлекамэра зь лягатыпам аднаго з дзяржаўных тэлеканалаў. Ілюстрацыйнае фота

Белтэлерадыёкампанія ў 2025 годзе выдзеліла 550 тысяч эўра на прасоўваньне беларускай прапаганды на розных кантынэнтах сьвету.

Як паведаміла каманда беларускіх журналістаў-расьсьледавальнікаў «Бюро» па выніках вывучэньня тэндэрнай дакумэнтацыі кампаніі, арганізацыя набывае паслугі электрасувязі па спадарожнікавым распаўсюдзе тэлеканалу «Беларусь 24» і радыёстанцыі «Беларусь» з 2022 году.

Сярод пастаўшчыкоў паслуг — расейскія «Останкино телеком» і «Спутниковое телевидение», а таксама Касьмічнае агенцтва Азэрбайджану «Азеркосмос» і беларускі Завод дакладнай электрамэханікі.

Згодна зь інфармацыяй «Бюро», Белтэлерадыёкампанія ў 2025 годзе ўжо аплаціла трансьляцыю сваёй прадукцыі на ўсёй тэрыторыі Расеі, у Цэнтральнай (поўнае пакрыцьцё) і Заходняй Азіі (з абавязковым пакрыцьцём Азэрбайджану, Армэніі і Грузіі), у Заходняй (поўнае пакрыцьцё), Усходняй, Паўночнай (з абавязковым поўным пакрыцьцём Вялікай Брытаніі, Ірляндыі, Латвіі, Літвы і Эстоніі) і Паўднёвай Эўропе (з абавязковым поўным пакрыцьцём Сэрбіі), у Паўднёвай Амэрыцы і Карыбскім басэйне (поўнае пакрыцьцё), у Паўночнай, Заходняй (поўнае пакрыцьцё), Усходняй (з абавязковым поўным або частковым пакрыцьцём Зімбабве) і Паўднёвай Афрыцы.

У 2025 годзе Белтэлерадыёкампанія ўжо падпісала кантракты больш, чым на 2 мільёна беларускіх рублёў (прыблізна 550 тысяч эўра). Найбольш затратнае — вяшчаньне на тэрыторыі Расеі — амаль 700 тысяч рублёў. Вартасьць ахопу Эўропы і Азіі — сукупна амаль 780 тысяч рублёў, а Паўднёвай Амэрыкі, Карыбскага басэйну і Афрыкі — амаль 565 тысяч рублёў.

Згодна зь інфармацыяй сайту дзяржаўных закупак, з 2022 па 2025 гады Белтэлерадыёкампанія ўжо выдаткавала на сваё замежнае вяшчаньне амаль 8 мільёнаў беларускіх рублёў (амаль 2,5 мільёна эўра). Гэтыя сродкі кампанія атрымлівае зь дзяржаўнага бюджэту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці выратуе рэжым ідэалёгія? Карбалевіч аналізуе новую дырэктыву Лукашэнкі