Праваабаронца «Вясны» скардзіўся на тое, што артыкул, які супраць яго ўжылі, і завочны парадак разгляду справы парушаюць ягонае права на свабоду выказваньня, гарантаваную Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.
У 2024 годзе палітычны ўцякач Леанід Судаленка быў засуджаны завочна — ужо жывучы ў Вільні, ён атрымаў 5 гадоў зьняволеньня нібыта за «садзеяньне экстрэмісцкай арганізацыі». Бараніць сябе ў судзе Судаленка ня мог — ягонае хадайніцтва аб удзеле ў працэсе празь відэасувязь суд адхіліў. Абскарджаньне прысуду ў вышэйшых інстанцыях плёну не прынесла, і сёлета Леанід Судаленка падаў скаргу ў Канстытуцыйны суд.
Праваабаронца ўпэўнены, што артыкул 361-4 Крымінальнага кодэксу пра «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» парушае ягонае права на свабоду слова, гарантаванае Асноўным законам, і таму папрасіў Канстытуцыйны суд праверыць той артыкул на адпаведнасьць Канстытуцыі. Гэта ж, на думку Судаленкі, тычыцца і главы Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, якой прадугледжаная спэцыяльная вытворчасьць вядзеньня справы, і завочныя працэсы.
Суд уступіў з Судаленкам у перапіску. Але толькі для таго, каб заявіць: ня будзем разглядаць вашу скаргу, пакуль не прышляце нам копію прысуду.
«Улічваючы, што вамі ня выканана патрабаваньне артыкулу 155 Закону і не прадстаўленыя копіі адпаведных судовых пастановаў, пастаўленае вамі пытаньне аб праверцы канстытуцыйнасьці палажэньняў артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу і главы 49-3 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь ня можа быць разгледжана ў парадку вытворчасьці аб канстытуцыйнасьці закону, ужытага ў пэўнай справе, па канстытуцыйнай скарзе». Начальнік сакратарыяту КС Селядзеўскі, 3 чэрвеня 2025 году.
Пры гэтым копію прысуду Судаленку ніколі і не дасылалі. Ён шмат разоў зьвяртаўся па яе ў Вярхоўны суд і міністэрства юстыцыі, але гэта нічога не дало. Копія ёсьць у дзяржаўнай адвакаткі, якая прапануе Судаленку прыехаць у Беларусь і азнаёміцца.
«Увёўшы завочныя суды ці так званую спэцвытворчасьць супраць тых, хто зьехаў, напрыклад, як я, і не маўчыць, рэжым пры гэтым не выдае тэксты прысудаў. Мне яго гэтак і не даслалі, хаця мой адрас ведаюць, як можна меркаваць зь ліста Канстытуцыйнага суду. Маўляў, без прысуду Канстытуцыйны суд адмаўляецца правяраць артыкул, па якім я быў асуджаны, на адпаведнасьць Асноўнаму закону краіны. Атрымліваецца, права на скаргу ў Канстытуцыйны суд як бы ёсьць, але рэалізаваць яго на практыцы немагчыма!» — абураецца Судаленка.
Ён будзе надалей дамагацца копіі прысуду, каб зноў падаць скаргу ў Канстытуцыйны суд. На гэта, паводле закону, ёсьць год пасьля ўступленьня прысуду ў законную сілу. «Часу засталося няшмат — толькі тры месяцы» — адзначае праваабаронца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На праваабаронцу Судаленку завочна завялі яшчэ тры крымінальныя справы, за камэнтары СМІ