Кіеў. Па стане на першую палову дня сама меней 15 чалавек загінулі, у тым ліку грамадзянін ЗША.
Прынамсі 114 чалавек параненыя.
Былі атакаваныя 27 месцаў у розных раёнах украінскай сталіцы, у тым ліку жылыя дамы, адукацыйныя ўстановы і абʼекты крытычнай інфраструктуры.
У адным з шматпавярховікаў абрынуўся падʼезд.
Запарожжа. Расейскія войскі нанесьлі як мінімум чатыры ўдары. Пашкоджаныя шматпавярховы дом, інтэрнат і 30 гаражоў. Выбуховай хваляй выбітыя вокны ў больш чым 50 кватэрах. На тэрыторыі аднаго з прадпрыемстваў быў пажар.
Адэса. Прынамсі 13 чалавек пацярпелі, у тым ліку дзіця. Пад заваламі могуць знаходзіцца людзі.
Удары наносілі таксама па Кіеўскай, Чарнігаўскай, Сумскай вобласьцях.
Расея. Міністэрства абароны заявіла, што за ноч перахапіла і зьнішчыла 198 украінскіх дронаў над Белгарадзкай, Курскай, Бранскай, Варонескай, Цьверскай, Ліпецкай, Арлоўскай, Тамбоўскай, Тульскай вобласьцямі і ў Маскоўскім рэгіёне.
- Расейскае войска рэгулярна рознымі відамі ўзбраеньня — ударнымі дронамі, ракетамі, кіраванымі авіябомбамі, рэактыўнымі сыстэмамі залпавага агню — атакуюць украінскія рэгіёны. Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейская армія падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірнае насельніцтва і разбураючы шпіталі, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня. Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.