Нафтавы падарунак і ўзьвелічэньне Пуціна. Як канфлікт Ізраілю і Ірану можа паўплываць на вайну Расеі супраць Украіны?

Пасьля ізраільскай атакі палае нафтаперапрацоўчы завод на поўдні Тэгерану, 15 чэрвеня 2025 году

Пасьля тэлефоннага абмеркаваньня абвастрэньня канфлікту на Блізкім Усходзе з Уладзімірам Пуціным 14 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп напісаў у сацыяльных сетках, што ён і прэзыдэнт Расеі лічаць аднолькава: «гэтая вайна паміж Ізраілем і Іранам павінна скончыцца».

Трамп у дадатак сказаў Пуціну, што «ягоная вайна» павінна скончыцца таксама.

Міністэрства замежных справаў Расеі асудзіла «несправакаваныя вайсковыя ўдары» Ізраілю па гарадах, якія мірна спалі. Пры гэтым Расея больш як тры гады атакуе Ўкраіну і днём, і ноччу, а колькасьць ахвяраў сярод мірнага насельніцтва, паводле ААН, ужо перавысіла 13 тысяч.

Баявыя дзеяньні паміж Ізраілем і Іранам наўрад ці прымусяць Маскву спыніць уварваньне ва Ўкраіну, больш за тое — могуць ёй паспрыяць, лічаць аналітыкі.

Адцягненьне ўвагі і рэсурсаў

Канфлікт паміж Ізраілем і Іранам адцягвае ўвагу Захаду ад вайны ва Ўкраіне. І гэта ў той момант, калі ідзе абмеркаваньне новых санкцыяў супраць Масквы.

І хоць рашэньні, зьвязаныя з агрэсіяй Расеі, лідэры краін «Вялікай сямёркі» могуць прыняць на саміце, які заканчваецца 17 чэрвеня, але блізкаўсходні канфлікт таксама патрабуе іхнай увагі і рэсурсаў — зброі і грошай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэры краін G7 сабраліся на саміт у Канадзе падчас абмену ўдарамі паміж Ізраілем і Іранам

Нафтавы бонус для Расеі

Акрамя самога Ірану, найбольшыя вайскова-палітычныя страты зазнае Ўкраіна, напісаў дырэктар маскоўскага Цэнтру аналізу стратэгіяў і тэхналёгіяў Руслан Пухаў у афіцыйнай урадавай «Российской газете».

Ён лічыць, што вайна на Блізкім Усходзе пераарыентуе дапамогу ЗША на Ізраіль.

Ён таксама лічыць, што ізраільскія ўдары па Іране «падарвуць абгрунтаванасьць усякай крытыкі расейскіх вайсковых дзеяньняў ва Ўкраіне», а рост цаны нафты «зьнішчыць надзеі Ўкраіны і яе заходнеэўрапейскіх хаўрусьнікаў на зьніжэньне расейскіх нафтавых прыбыткаў».

Магчымае спыненьне паставак іранскіх дронаў-«Шахедаў» моцна Расею не аслабіць. Бо там ужо цяпер вырабляюць большасьць гэткіх самых дронаў у розных варыяцыях, — адзначыла ў X экспэртка ў пытаньнях Расеі і Блізкага Ўсходу Ганна Нотэ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: Расея з пачатку чэрвеня атакавала Ўкраіну амаль 3 тысячамі дронаў

Пуцін — міратворца

15 чэрвеня Трамп напісаў у Truth Social : «...Мы можам лёгка заключыць дамову паміж Іранам і Ізраілем і спыніць гэты крывавы канфлікт!!!»

Раней ён з гэткім жа энтузіязмам выказваўся пра дасягненьне міру ва Ўкраіне, але быў расчараваны.

Два тыдні, якія Трамп адвёў на зразуменьне, ці займаецца Пуцін пошукам міру, ці «проста водзіць нас за нос», ужо прамінулі. І цяпер прэзыдэнт ЗША можа пераключыцца на вырашэньне канфлікту на Блізкім Усходзе. Для чаго, магчыма, давядзецца браць у пасярэднікі Крэмль.

Яшчэ 4 чэрвеня пасьля тэлефоннай размовы з Пуціным Трамп напісаў, што той, «магчыма, мог бы быць карысным» у дасягненьні ядзернай дамовы ЗША з Тэгеранам. 14 чэрвеня пра гатоўнасьць пасярэдніцтва заявіў і Крэмль.

Некаторыя лічаць, што роля міратворца можа зьмякчыць пуцінскую агрэсію ва Ўкраіне. Але іншыя называюць гэта малаімаверным і кажуць, што магчымы посьпех Пуціна ў замірэньні паміж Ізраілем і Іранам толькі ўмацуе ягоныя пазыцыі і ўпэўненасьць у агрэсіі супраць Украіны.

Для Пуціна «Ўкраіна застаецца прыярытэтам», — напісала экспэртка Ганна Нотэ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль і Іран правялі новыя ўзаемныя атакі, емэнскія хусіты далучыліся да баявых дзеяньняў на баку Тэгерану