Як вынікае з апублікаванага дакумэнту, асобныя разьдзелы прысьвечаныя аналізу рынку ўгнаеньняў пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны і яго аднаўленьню.
Згодна з інфармацыяй FAO, доля беларускага калію ва ўсясьветным гандлі ўгнаеньнямі скарацілася з 9% у 2021-м да 6% у 2024 годзе.
Пры гэтым доля аналягічных расейскіх угнаеньняў павялічылася з 18% у 2021-м да 25% — у 2024 годзе дзякуючы скасаваньню пэўных абмежаваньняў на пастаўкі ўгнаеньняў з Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя дэталі працэсу «Беларуськалію» супраць Літвы, які прыпынялі, бо Менск ня мог заплаціць арбітражуУ арганізацыі адзначылі, што дэфіцыту ўгнаеньняў удалося ўнікнуць, аднак экспартэры выказвалі заклапочанасьць праз павелічэньне страхавых унёскаў на камэрцыйнае суднаходзтва і цяжкасьці зь фінансавымі апэрацыямі.
«Збоі прымусілі многія краіны шукаць альтэрнатыўных пастаўнікоў і маршруты, што выклікала прыкметныя зьмены ў гандлёвых патоках», — адзначаецца ў чэрвеньскай справаздачы. Наступны дакумэнт будзе апублікаваны ў лістападзе.
Пакуль FAO мае «адносна аптымістычны прагноз для рынкаў харчовай прадукцыі» і прагназуе рост вытворчасьці і гандлю для ўсёй сельскагаспадарчай прадукцыі, акрамя цукру. Спэцыялісты таксама чакаюць росту цаны на калійныя ўгнаеньні і адзначаюць, што цэны заставаліся стабільнымі дзякуючы паляпшэньню паставак зь Беларусі і Лаосу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызнаў праблемы з рэалізацыяй калію і прапанаваў «карпаратыўную змову» з РасеяйУ Беларусі статыстыку экспарту калію закрылі летась пасьля таго, як галіна падпала пад заходнія санкцыі. Эўразьвяз увёў забарону на пастаўкі і транзыт часткі прадукцыі «Беларуськалію», ЗША ўвялі санкцыі супраць самой кампаніі і «Беларускай калійнай кампаніі» — афіцыйнага экспартэра прадукцыі. Да абмежавальных захадаў далучыліся Канада, Вялікая Брытанія.
- Эўразьвяз і ЗША ў 2021 годзе ўвялі забарону на экспарт беларускіх калійных угнаеньняў, а Літва скасавала кантракт на іх перавозку на сваёй тэрыторыі з 1 лютага 2022 году.
- У чэрвені 2022 году Эўразьвяз увёў санкцыі супраць «Беларуськалію» і Беларускай калійнай кампаніі.
- Раней «Беларуськалій» спрабаваў судзіцца зь Літвой за адмову транспартаваць калійныя ўгнаеньні і выстаўляў рахунак на мільярд эўра, але суд Літвы адхіліў скаргу беларускага прадпрыемства.
- Аспрэчыць санкцыі ЭЗ у судзе спрабавалі «Гродна Азот», «Беларускі мэталюргічны завод», ААТ «Мастоўдрэў», «Хімвалакно», МАЗ, БЕЛАЗ, «Дана Астра», Тэрмінал сыпкіх грузаў у Клайпедзе (часткова належыць «Беларуськалію») і інш. Усе гэтыя выпадкі скончыліся безвынікова, санкцыі засталіся ў сіле.
- 18 верасьня 2024 году стала вядома, што суд Эўразьвязу адмовіў у задавальненьні пазоваў «Беларуськалію», ягонага генэральнага дырэктара Івана Галаватага і Беларускай калійнай кампаніі да Рады ЭЗ аб скасаваньні санкцыяў. Юрысты, якія прадстаўляюць беларускага вытворцу ўгнаеньняў, настойвалі на тым, што санкцыі парушаюць прынцып законнасьці. Акрамя таго, у якасьці аргумэнтаў яны ўказвалі на памылку ў ацэнках, парушэньне прынцыпаў недыскрымінацыі, прапарцыйнасьці абмежавальных мераў і інш.
- 12 чэрвеня 2025 году стала вядома аб увядзеньні новых мытаў на ўгнаеньні з Расеі і Беларусі.