Пракуратура патрабуе пакараць актывіста 3 месяцамі арышту

Яўген Якавенка

Сёньня ў Цэнтральным судзе Гомелю скончаны разгляд крымінальнай справы супраць актывіста стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Яўгена Якавенкі за так званае ўхіленьне ад вайсковай службы. Дзяржаўны абвінаваўца — намесьнік пракурора Цэнтральнага раёну Ўладзімер Емяльянчанка — запатрабаваў пакараць актывіста 3 месяцамі арышту.
Дзевяць дзён таму раённая пракуратура перапрад’явіла абвінавачаньне Яўгену Якавенку. Аднак сёньня на судзе ён не прызнаў і абноўленае абвінавачаньне.

Пазыцыя абвінавачваньня зьвялася да таго, што, апрача правоў, у грамадзяніна ёсьць і абавязкі. Маўляў, Якавенка абавязаны атрымаць позву на мерапрыемствы прызыву, а на якой мове яна напісана — "дзяржаўнай рускай" ці "дзяржаўнай беларускай" — гэта ўжо іншая справа.

Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, паняцьця "расейская мова", пра якую кажа абвінавачаны прызыўнік, у законе наагул няма. Патрабаваньне Якавенкі выпісваць яму позвы на беларускай мове нібыта наагул не абгрунтаванае й выглядае найперш як "непавага да самога сябе". Бо няпэўнай будзе пэрспэктыва ў чалавека, які займаецца палітыкай і ня ведае "другой дзяржаўнай мовы".

Як лічыць абвінавачваньне, у ваенкамаце ніхто не прымушаў прызыўніка адмаўляцца ад беларускай мовы, яго там разумелі, але й ён мусіў разумець службоўцаў, бо скончыў унівэрсытэт транспарту, дзе выкладаньне вядзецца "на рускай мове". Прызыўная камісія наагул не магла прыняць ніякага рашэньня наконт службы спадара Якавенкі, бо той сьвядома не зьявіўся на мэдычны агляд. Адсюль й прапанова — пакараць Якавенку 3 месяцамі арышту.

Сам Яўген лічыць, што абвінавачваньне не абгрунтаванае:

"На мой погляд, абгрунтавана толькі адно: папрасіць у мяне прабачэньня за гэтую гісторыю, і ў першую чаргу службоўцам ваенкамату".

Адвакат прызыўніка Яўген Грабоўскі, як кажуць, каменя на камені не пакінуў на прэтэнзіях абвінавачваньня. У дзеяньнях прызыўніка, на ягоны погляд, няма ні аб’ектыўных, ні суб’ектыўных прыкметаў злачынства.

У адрозьненьне ад прадстаўніка пракуратуры, адвакат прааналізаваў і паказаньні ў судзе сьведкаў — службоўцаў ваенкамату. Яны так і ня здолелі ўцямна патлумачыць, чаму ня выпісалі Якавенку позву на беларускай мове, хаця такія позвы выпісвалі яшчэ ў 2008 годзе. Да таго ж ваенкамат ня выканаў патрабаваньня закону наконт прымусовага прыводу прызыўніка на мэдычную камісію. З падачы ваенкамату міліцыя цягала Якавенку толькі тады, калі трэба было ўручыць яму позву, якую супрацоўнікі чамусьці ня здолелі аформіць па-беларуску.

Прысутны на судзе намесьнік абласнога каардынатара стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Юры Клімовіч лічыць, што не ў падсуднага Яўгена Якавенкі, а ў дзяржаўных службоўцаў, якія ня ведаюць беларускай мовы, няма пэрспэктывы. Дзяржаўныя ўстановы наагул узялі за правіла дзейнічаць не паводле закону:
ці ёсьць будучыня ў тых службоўцаў, якія вольна не карыстаюцца абедзьвюма дзяржаўнымі мовамі? ...

Юры Клімовіч
"Тут пытаньне стаіць так: ці ёсьць будучыня ў тых службоўцаў, якія вольна не карыстаюцца абедзьвюма дзяржаўнымі мовамі? У тым ліку й дзяржаўны абвінаваўца, і службоўцы з ваенкамату. Гэта іхні абавязак — свабоднае валоданьне дзьвюма мовамі.

Нашыя дзяржаўныя ўстановы функцыянуюць не паводле законаў, а паводле "паняцьцяў", скажам так. У Канстытуцыі запісана — дзьве дзяржаўныя мовы, паводле "паняцьцяў" — адна".

Судзьдзя Тацьцяна Швец, якая разглядае крымінальную справу супраць Яўгена Якавенкі, абвясьціла перапынак да 4 чэрвеня, каб даць абвінавачанаму магчымасьць падрыхтавацца да апошняга слова перад выракам.